На хвалі мэйнстрыму: цішоткі з рэцэптамі дранікаў і халадніка



Беларускі арнамент на вопратцы – як знак якасці і моды ў апошні час. Свой уклад у трэнд вышымаек ўносіць ААТ «8 Сакавіка», якое выпускае футболкі з прынтамі на тэму нацыянальнага каларыту.

Трыкатажная фабрыка выпускае футболкі з афіцыйнай беларускай сімволікай у колерах дзяржаўнага сцяга ўжо не першы год. Прадукцыя з нацыянальным каларытам карыстаецца пастаянным попытам.

У 2016-м дызайнеры фабрыкі дадалі кроплю ў хвалю мэйнстрыму, стварыўшы лінію вышымаек з прынтамі з нацыянальнымі сімваламі і беларускім арнаментам.

У гэтым годзе крэатыўныя работнікі гомельскага прадпрыемства пайшлі яшчэ далей. Хітом вяснова-летняй калекцыі пад назвай «Простая беларуская ежа» стала серыя футболак, на якія нанесеныя прынты рэцэптаў нацыянальных страў «Дранiкi», «Халаднiк», «Клёцкi».

– Трыкатажная прадукцыя мае натуральныя прыродныя ўласцівасці экалагічна чыстага натуральнага баваўнянага палатна, – адзначыла начальнік упраўлення маркетынгу і распрацоўкі асартыменту ААТ «8 Сакавіка» Святлана Дзмітрычэнка. – Нашы вырабы карыстаюцца высокім попытам у турыстаў і гасцей Беларусі. Футболкі купляюць як сувенір ці памятны падарунак сябрам і блізкім.

Па словах Святланы Дзмітрычэнкі, асартымент футболак з нацыянальнай сімволікай плануецца пашыраць і дапаўняць новымі прынтамі.

Дарэчы, ААТ «8 Сакавіка» штомесяц выпускае для моладзі і дарослага насельніцтва дзьве тысячы вырабаў, зробленых па матывах традыцыйнага беларускага мастацтва, і адну тысячу – для дзяцей.

gomel.today