На “круглы стол” у Слоніме запрошаны грамадскія актывісты
Кіраўнік Слонімскага грамадскага цэнтра і сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэта Віктар Марчык атрымаў запрашэнне ад намесніка старшыні Слонімскага райвыканкама Уладыслава Гяршгорына на “круглы стол”, які адбыдзецца ў Слоніме 19 красавіка ў памяшканні райвыканкама.
На “круглы стол” запрошаны таксама яшчэ некалькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. У запрашанні паведамляецца, што “згодна рашэнню райвыканкама запланавана правесці “круглы стол” па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Слонімскага раёна і сітуацыі на рынку працы з удзелам асобных кіраўнікоў арганізацый, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх арганізацый і іншых”.
Нагадаем, што некалькі дзён таму сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага сесці за “круглы стол”, каб разам абмеркаваць сур’ёзныя праблемы, якія ўзніклі сёння ў грамадстве. “Мы ўстрывожаны рэзкім пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыяй у Слонімскім раёне і ў цэлым у Беларусі. З кожным днём у грамадстве расце колькасць незадаволеных людзей той працай, якую праводзіць улада ўсіх узроўняў. Людзі жадаюць пазітыўных пераменаў, жадаюць быць упэўненымі ў заўтрашнім дні”, – паведамлялася ў адкрытым лісце.
Далей слонімцы прапануюць за “круглы стол” пасадзіць не толькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і кіраўніцтва Слонімскага райвыканкаама, а таксама прадстаўнікоў іншых структурных падраздзяленняў: міліцыю, адукацыю, гандаль, ЖКГ, дэпутатаў і г.д.
Адкрыты ліст старшыні Слонімскага райвыканкама падпісалі кіраўнікі грамадскіх арганізацый і партыйныя лідары Слонімшчыны. Сярод якіх – Іван Бедка (БХД), Віктар Марчык (Слонімскі грамадскі цэнтр), Міхась Сашко (прафсаюз РЭП), Павел Севасцьян (БНФ), Алег Вяселік (ГА БНФ “Адраджэнне”) і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя