На Лемяшоўскім мемарыяле беларусы маліліся за ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Беларусы Санкт-Пецярбурга на Лемяшоўскім мемарыяле ўшанавалі памяць бязвінна расстраляных падчас сталінскіх рэпрэсій.
Беларускі гісторык Анатоль Разумаў адкрыў звесткі пра сакрэтны могільнік НКВД у 35 кіламетрах ад культурнай сталіцы Расеі. Па розных падліках тут пахавалі каля 40 тысяч рэпрэсаваных розных нацыянальнасцяў: беларусаў, палякаў ды габрэяў. Сярод выбітных беларусаў тут у прыватнасці знайшоў свой спачын беларускі кампазітар, ураджэнец Лепельшчыны, што на Віцебшчыне, Антон Грыневіч. За яго ды іншых землякоў больш за 20 гадоў да адмыслова ўсталяванага крыжа прыязджае памаліцца адзін з пачынальнікаў Беларускага грамадска-культурніцкага таварыства Мікалай Мікалаеў разам з паплечнікамі.
– „І вазьмі іх сабе, дзе будуць цешыцца святлом і ахалодай і супакоем вечным, дзе няма болю і суму, ні ўздыхання, дзе вечна шчаслівым агляданнем цябе будуць захапляцца.” Валянцін Пятровіч Грыцкевіч, старшыня беларускага грамадска-культурнага таварыства, чытаў гэта з 1992 году. Цяпер мы молімся і за яго таксама, трымаючы ў руках ягоную кнігу.
Лемяшоўскі мемарыял беларусы Санкт-Пецярбурга называюць мясцовымі Курапатамі. Але ў адрозненні ад Беларусі, у Расеі адкрылі архівы КДБ і далі людзям магчымасць ушанаваць сваіх бязвінна загінулых сваякоў.
– Віктар Карніцкі з Баранавіч. Па расстраляных тут трошкі адрозніваецца. І там сталінскія, і там сталінскія. Але прабачце, гэта зрабілі на дзяржаўным узроўні, мемарыяльны комплекс. Там, прабачце, нейкі парк робяць, кветачкі пасадзілі. Раней было, праязджаеш па шашы – крыжы стаяць. Была адметнасць, што гэта Курапаты. Цяпер на дзяржаўным узроўні спрабуюць зруйнаваць. І сталінізм паднімае галаву. І тут паднімае. Але гэта ўжо зроблена. І тое, што “Поедим поедим”, або як там яно назвываецца, мяне гэта так не турбуе, таму што жывым павінна быць жывое, трэба неяк супрацоўнічаць, але тое, што зрабілі з Курапатамі, то за адно гэта трэба ўладу мяняць.
Беларусы Санкт-Пецярбурга прыязджаюць у Лемяшоўскі мемарыял штогод ужо з 1991-га. Як кажа Мікалай Мікалаеў, ён неаднаразова запрашаў беларускіх консулаў у Санкт-Пецярбурзе наведаць гэтае месца і ўшанаваць землякоў, але дыпламаты заўсёды адказвалі маўчаннем.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя