На Лепельшчыне завяршыўся міжнародны мастацкі пленэр
На Лепельшчыне скончыў працу міжнародны мастацкі пленэр. У ім прымала ўдзел каля двух дзясяткаў мастакоў з Беларусі і Расеі. За час знаходжання ў Лепельскім раёне мастакі напісалі больш за пяцьдзясят карцін.
Па словах аднаго з арганізатараў пленэру, мастачкі, сябра саюза мастакоў Беларусі Кацярыны Мясніковай, на Лепельшчыне мастакі звярнулі ўвагу на вялікую колькасць розных мастоў і адметнасць вясковых дамоў. Большасць з іх размаляваныя ў розныя колеры, таму працы атрымаліся яркімі і пазітыўнымі.
– Некалькі гадоў таму быў апошні дзясяты пленэр «У пошуках Атлантыды», пасля чаго быў трохгадовы перарыў. І мастакі, якія прыязджалі на атлантыдаўскі пленэр, увесь час неяк так прасілі, каб пачаць зноў нашыя пленэры менавіта з тымі ж людзьмі і з тым жа настроем, каб аднавіць тое кола, якое выязджала кожны год па Віцебшчыне, вандравала, малявала краявіды. І вось мы дамовіліся з Васілём Шкіндзерам і прыехалі да яго на сядзібу на тыдзень памаляваць.
Першая выстава карцін з мастацкага пленэру адбылася падчас фэсту “Жнівень” на аграсядзібе “Поўсвіж”, дзе жылі мастакі. У планах мастакоў зладзіць выставу ў Віцебску і Лепелі. Пасля гэтага некаторыя карціны можна будзе набыць усім жадаючым.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі