На Лідчыне адкрылі мемарыял паўстанцам 1863 года (абноўлена)
На Лідчыне адкрылі народны мемарыял у гонар паўстання 1863 года. На месцы пахавання невядомых паўстанцаў, ва ўрочышчы Крыжы, паміж вёскамі Мохавічы і Малое Вольжава, штогод адбываюцца памятныя мерапрыемствы. У гэтым годзе на адкрыццё мемарыяла прыехалі шмат гасцей з розных куткоў Беларусі.
Сярод іх палітыкі, грамадскія дзеячы, музыкі і мясцовыя актывісты. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зазначае, што бывае на гэтым месцы не першы раз і вельмі ўсцешаны тым, як гэтае месца апякуецца мясцовымі актывістамі.
– Я ў гэтым месцы ўжо не першы раз. Я быў тут і ў мінулыя гады. І быў тады, калі гэты помнік толькі зрабілі. Таму імкнуся сюды, калі ёсць магчымасць, калі ёсць час, па запрашэнні нашых лідскіх сяброў партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы. Я заўсёды прыязджаю сюды з вялікай удзячнасцю ім за запрашэнне. І з вялікай удзячнасцю за тое, што яны так клапоцяцца аб гэтым месцы, бо асабіста для мяне гэтае месца святое, бо тут ляжаць людзі, якія змагаліся за незалежнасць нашай зямлі, за незалежнасць нашай краіны.
Памятны мемарыял на месцы пахавання невядомых паўстанцаў быў створаны яшчэ ў міжваенны перыяд. З прыходам савецкай ўлады ён быў зруйнаваны. Але ўвесь час таемна даглядаўся жыхарамі навакольных вёсак. Ад пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя гэта месца даглядаецца грамадскімі актывістамі з Лідчыны, якія цягам апошніх гадоў сваімі высілкамі стварылі тут народны мемарыял.
[Not a valid template]
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Да 155-ых угодкаў вызвольнага паўстання 1863 года на Лідчыне 5 жніўня ўрачыста адкрыты народны мемарыял у гонар палеглых за Бацькаўшчыну.
Пасля трохгадовага перапынку ў полі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы адбылося традыцыйнае ўшанаваньне змагароў за Бацькаўшчыну. Пры ўшанаванні былі зачытаны больш за чатырыста вядомых на гэты час імёнаў паўстанцаў з былога Лідскага павету.
Святарамі айцамі Леанідам і Вікенціем былі асвечаныя адноўленыя крыжы і памятны камень, адбылася памінальная малітва аб паўстанцах, прайшоў невялікі канцэрт-рэквіем. Выступілі Андрэй Мельнікаў, Таццяна Матафонава, Зміцер Захарэвіч.
фота з фэйсбуку Сяргея Пантуса https://www.facebook.com/siarhej.i.p?