На Лідчыне адноўлены крыж на магіле паўстанцаў 1863 года



Беларускія патрыёты з Ліды, Гародні і Бярозаўкі аднавілі крыж на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года, якое знаходзіцца на Лідчыне. Некалькі месяцаў таму ад мясцовых жыхароў была атрыманая інфармацыя, што на гэтым месцы пахаваныя паўстанцы Каліноўскага. Пасля карпатлівай даследніцкай працы мясцовымі краязнаўцамі было вызначана дакладнае месца пахавання. А актывістамі выраблены 6-мятровы крыж і ўстаноўлены на месцы старога спарахнелага.

Расказвае адзін з удзельнікаў ушанавання Вітольд Ашурак:

Гісторыкі, краязнаўцы шукаюць памятныя мясціны, звязаныя з паўстаннем Кастуся Каліноўскага ў паперах, у архівах. Калі папяровая праца зроблена, тады другі этап – актывісты, тыя беларусы, якія лічаць за гонар захоўваць памяць пра герояў, якія загінулі за незалежнасць нашай краіны, бяруць рыдлёўкі і ўсталёўваюць памятныя крыжы на тых месцах.  

Арганізатары ўстаноўкі новага крыжа на месцы пахавання паўстанцаў адзначаюць і той факт, што гэты чын вельмі важны і актуальны акурат у той час, калі ў іншай кропцы Беларусі, у Курапатах, у час Вялікага посту руйнуюцца памятныя крыжы на месцы пахавання тысяч людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Лідскі раён