На Лідчыне Дзень Волі прайшоў спакойна



Традыцыйным чынам адзначылі Дзень Волі на Лідчыне. Сябры палітычных партый і грамадскіх арганізацый наведалі магілы Міністра абароны БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Варанове і дзеячаў Беларускай незалежніцкай партыі ў Лідзе. Актывісты ўсклалі кветкі, нацыянальныя сцяжкі і запалілі знічы.

Старшыня лідскай суполкі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік спадзяецца, што 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, якое мае адбыцца праз год, павінна стаць сапраўды нацыянальным святам.

– Сёння, паглядзеўшы на ўсё тое, што адбываецца ў краіне, безумоўна, трэба думаць пра тое, як у наступным годзе святкаваць 100-годдзе БНР, каб зрабіць свята для ўсяго народа. Менавіта свята, а не акцыі пратэсту ці нешта іншае. Мы нармальны народ, у нас нармальная краіна. І наш народ мае права і на свята.

На фоне брутальных разгонаў у час святкавання Дня Волі ў Менску памятныя мерапрыемствы на Лідчыне прайшлі спакойна, але пад пільнай увагай спецслужбаў.

[Not a valid template]Андрэй Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда