На Лідчыне некалькі гектараў поля ляжаць закінутымі
Віталь Карабач – гаспадар аграсядзібы “Гасціна” ў вёсцы Пескі, што на Лідчыне – звярнуў увагу, што побач з яго сядзібай ужо некалькі гадоў ляжаць гектары закінутай і неапрацаванай ворыўнай зямлі.
Калі раней кавалак ворыва, што ляжыць паміж калгасным полем і яго сядзібай, штогод выкарыстоўваўся пад засеў рознымі сельскагаспадарчымі культурамі, то зараз ён ужо не першы год зарастае быльняком. Сам Віталь некалькі гадоў таму перабраўся з гарадской кватэры ў Лідзе ў вёску і яго зараз вельмі абурае такое стаўленне да зямлі з боку дзяржавы.
– Два гады запар поле ўжо не заворваецца да канца. Ці саляркі не хапае, ці часу, ці проста забываюцца. Такі кавалак, пару гектараў, не могуць заараць. Каля самай шашы, і то не баяцца. Гэта іхняя такая безгаспадарлівасць, можна так сказаць.
Поле, якое ляжыць каля вёскі Пескі, належыць сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Ёдкаўскі”, якое размяшчаецца ў аграгарадку Ёдкі, патлумачыў Віталь Карабач.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя