На Лютэранскіх могілках аднавілі будаўнічыя працы



У Менску аднавіліся будаўнічыя працы на тэрыторыі былых Лютэранскіх могілак. Але цяпер побач з будаўнікамі дзяжураць супрацоўнікі спецкамбіната. Яны збіраюць знойдзеныя косткі ў белыя пакеты і адвозяць на часовае захаванне ў крэматорый. Старшыня грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Павел Іваніцкі называе гэта кампрамісам, бо першапачаткова парэшткі з нямецкіх могілак вывозіліся проста на гарадскую звалку:

– Па-добраму, па-чалавечы, годна трэба было праводзіць раскопкі і эксгумацыю. Але час ідзе, праца стаіць, і ўлады вырашылі дзейнічаць менавіта такім чынам: усе косткі, якія знаходзяцца, супрацоўнікі спецкамбіната падбіраюць. І ёсць вялікая верагоднасць, што гэта толькі частка ўсіх парэшткаў.

Таксама стала вядома, што ў апошнія дзесяцігоддзі свайго існавання Лютэранскія могілкі страцілі сваю вузкаканфесійную прыналежнасць. На перыферыі ўтварыўся праваслаўны сектар. Менавіта там, дзе зараз будуюць дарогу. Калі гарадзенскія лютэране ўжо абурыліся стаўленнем да чалавечых парэшткаў, то праваслаўныя вернікі пакуль маўчаць. Павел Іваніцкі апісвае сённяшнія знаходкі:

– Знайшлі нават не помнік, а хутчэй слуп. Магчыма, гэта частка агароджы, на якой быў высечаны праваслаўны крыж. Больш за тое, сёння мы нават знайшлі адзін нагробак, на якім змешчаны надпіс па-расейску, датаваны 30-мі гадамі ХХ стагоддзя.

Нагадаем, што Лютэранскія могілкі, што ўзніклі ў Менску ў ХІХ стагоддзі, былі знішчаны ў 70-ых гадах. На іх месцы стварылі сквер. Цяпер жа за кошт прыкладна пятай часткі былога нямецкага пагоста ўлады вырашылі пашырыць вуліцу Карла Лібкнехта. “Гісторыка” ўжо падала на гэты конт скаргі ў Пракуратуру і Следчы камітэт, збіраецца на прыём да старшыні Менгарвыканкама.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя