На магіле журналіста Паўла Шарамета ў Менску адкрыюць помнік
29 красавіка на магіле Паўла Шарамета ў Менску адбудзецца адкрыццё помніка. Цырымонія пачнецца ў 15.00 на Паўночных могілках, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Вядомы беларускі журналіст Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.
Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу па артыкуле „Наўмыснае забойства”. Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ва Украіне, з-за асабістых матываў ці памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца выдання „Украинская правда” Алена Прытула, на аўтамабілі якой Шарамет ехаў).
12 ліпеня 2017 года міжнародная няўрадавая арганізацыя „Камітэт па абароне журналістаў” (КАЖ) апублікавала да гадавіны смерці Шарамета спецыяльны даклад. У ім адзначалася, што за мінулы год Украіна не прасунулася ў расследаваньні забойства журналіста. Аўтары дакладу звярталі ўвагу на тое, што ўкраінскія ўлады спрабуюць выявіць у забойстве Шарамета расійскі след, хоць не менш ускосных сведчанняў на карысць магчымай датычнасці да забойства Украіны.
Абставіны смерці журналіста не расследаваныя да гэтага часу. 13 красавіка гэтага года намеснік старшыні Савета бяспекі Украіны Віктар Кананенка паведаміў, што доказнай базы па справе аб забойстве Шарамета няма, працэс збору доказаў працягваецца. БелаПАН