На масавыя мерапрыемствы толькі з чырвона-зялёным сцягам?



Такую выснову можна зрабіць з аповяду аднаго з удзельнікаў дэманстрацый у Берасці.

Маладога чалавека завуць Іван і ён прымаў удзел у адной з акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў, якая адбылася 6 верасня. Тады маладога чалавека затрымалі з бел-чырвона-белым сцягам на плячох і пакаралі 4 суткамі арышту. Калі ж Іван абскардзіў дадзены вырак у абласным судзе, то вось якая атрымалася размова з тамтэйшым суддзёй Сяргеем Беразюком:

– Першае пытанне было, што ў вас за палотнішча было на плячах. Я адказаў, што гэта бела-чырвона-белы сцяг, далей стаў пытаць пра паходжанне гэтага сцяга, ці ведаю я. Я сказаў, што гэта сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі, сцяг перад якім наш дзейны прэзідэнт даваў клятву свайму народу. Пасля суддзя сказаў: „Вы ў курсе, што гэты сцяг незарэгістраваны?”. Наколькі я ведаю, гэты сцяг не забаронены ў нас у краіне, не з’яўляецца забароненай сімволікай. Ён спытаў ці ведаю я, які ў нас цяпер дзяржаўны сцяг, я адказаў: „Так, чырвона-зялёны”. Ён сказаў: „Бачна, што вы не юрыст, вы наўрад ці разбіраецеся, але ў нас у заканадаўстве сказана, што на масавых мерапрыемствах вы маеце права хадзіць толькі з дзяржаўным сцягам.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Сам жа судовы канвеер у Берасці працягваецца, бо кожную нядзелю, а часам і на працягу тыдня ў горадзе адбываюцца затрыманні і суды па адміністрацыйных справах удзельнікаў пратэстаў. Не ўсе з іх, аднак значная колькасць, спрабуюць абскарджваць дадзеныя прысуды і часам маюць станоўчы вынік, такі як змяншэнне памеру штрафу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце