На маці анархіста Рамана Халілава завялі крымінальную справу



У Беларусі распачалі крымінальную справу супраць маці анархіста Рамана Халілава, які з’ехаў з краіны. 56-гадовую жыхарку Полацка Гаянэ Ахціян падазраюць  нібыта “ў грубым парушэнні парадку”.

Яе затрымалі пасля ператрусу напрыканцы лістапада. Цяпер яна знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна, паведамляе «Медыязона». У адным з тэлеграм-каналаў, які, па дадзеных інтэрнэт-выдання, вядуць сілавікі, з’явілася відэа, якое, як мяркуецца, знятае падчас ператрусу. Кадры, на якіх жанчына ў акулярах стаіць на каленях, аўтары роліка суправаджалі каментаром „Бацькі ў адказе за сваіх дзяцей…”. У канцы Гаянэ Ахціян кажа, што сілавікі прыйшлі за ёй „па падазрэнні ў масавых беспарадках” і прызнае сваю віну.

Раман Халілаў сцвярджае, што яго маці не давала прызнальных паказанняў. Эксперты мяркуюць, што аўтары роліка падрэзалі аўдыёдарожку і выключылі адтуль часціцу „не” перад словам „прызнаю”.

Раман Халілаў абвінавачваецца на радзіме па справе аб арганізацыі „Рэвалюцыйнага дзеяння”, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкай. На пачатку кастрычніка супраць яго распачалі яшчэ адну крымінальную справу з-за ўдзел у акцыі салідарнасці з менскім айці-спецыялістам Андрэем Зельцэрам.

Беларускае Радыё Рацыя