На месцы масавых расстрэлаў пад Віцебскам невядомыя раскапалі адну з магіл
На месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у лясным масіве каля вёсак Драколле і Хайсы Віцебскага раёна выяўленыя выкапаныя чалавечыя парэшткі.
Грамадскія актывісты прыехалі, каб прывесці ў парадак месца пахавання. У адной з брацкіх магіл яны знайшлі свежы раскоп.
Барыс Хамайда налічыў 30 сцегнавых костак і прыкладна 200 іншых частак шкілета і фрагментаў чэрапаў.
Пры гэтым адзін з чэрапаў, як і раней знойдзеныя, мае адтуліну, падобную на кулявую. Акрамя таго, побач з касцямі былі знойдзеныя часткі спарахнелага абутку з клеймамі фабрык СССР і датамі 1936 і 1937 гадоў.
Віцебскія актывісты ачысцілі месца пахавання ад галін, усклалі кветкі і прачыталі малітву за спачын душ забітых, яны маюць намер дамагчыся прызнання знойдзенага месца мемарыялам і ўшанавання памяці расстраляных.