На месцы загубы атраду касінераў з’явіўся новы помнік
У вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна адбылося традыцыйнае штогадовае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Менавіта тут, на Лёзненшчыне, адбыўся апошні бой атрада пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча: паўстанцы трапілі ў аблогу, а іхнага камандзіра ўзялі ў палон і расстралялі ў аршанскім астрогу 28 жніўня 1863 году.
У памяць пра ўдзельнікаў паўстання яшчэ ў 2006 годзе тут з’явіўся помнік – бетонны крыж на невялічкім курганчыку. Яго паставілі настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава разам са сваімі вучнямі. А яшчэ праз пару гадоў давялося ратаваць помнік ад знішчэння, прыгадвае Алена Іванаўна:
– Калі мяняліся адносіны да Каліноўскага, тады сказалі нам разбіраць помнік. А я сказала, што нічога разбіраць не буду – не для таго мы гэтыя камяні збіралі, не для таго тут дзіцячымі ручкамі ўсё зроблена! І што са сваімі вучнямі я зрабіла добрую справу.
Але за мінулыя гады ў помніку ўтварыліся шчыліны, хоць яго і шмат разоў рамантавалі. Таму было вырашана побач усталяваць новы помнік, распавядае Юрый Нагорны, старшыня Аршанскай рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:
– Гэта крыж і гэта валун – камень з гэтых мясцін, лёзненскіх. Ну, і мы тут ужо дапамаглі: шыльду замовілі ў Воршы. І стары помнік стаіць – мы вырашылі, што не будзем загадзя адпраўляць яго ў небыццё. І таму цяпер тут два помнікі побач, як пераемнасць нейкая.
На абодвух помніках – амаль аднолькавыя шыльды. На навейшай дадаліся хіба толькі гады жыцця Ігната Будзіловіча ды надпіс «За незалежную Беларусь», бо менавіта за волю і незалежнасць аддаў сваё жыццё 22-гадовы камандзір атрада касінераў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя