На межах Беларусі ўзмоцнены кантроль
На беларускіх межах у сувязі з тэрактам у Бельгіі ўведзеныя ўзмоцненыя меры кантролю.
Пра гэта нам паведаміў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка. У прыватнасці, больш пільна будзе праходзіць дагляд асобаў, якія перасякаюць мяжу:
– Для таго, каб утрымліваць сітуацыю пад кантролем, уведзены ўзмоцненыя меры памежнага кантролю па працы з асобамі, дакументамі пры неабходнасці правядзення дадатковых праверак. Мы ідзем у супольным кантэксце з краінамі, якія вядуць актыўную антытэрарыстычную працу. Усе неабходныя мерапрыемствы з улікам прагнозаў і перспектыў, няхай нават дрэнных, мы ўсё гэта вылічваем і прадпрымаем усе неабходныя меры для таго, каб лакалізаваць ці мінімінізаваць гэтыя пагрозы.
Што тычыцца мігрантаў, якія спрабуюць праз Беларусь трапіць у краіны Еўразвязу, то надалей сярод іх пераважаюць грузіны і чачэнцы, якія выкарыстоўваюць легальныя каналы міграцыі. Грамадзяне В’етнама часта ажыццяўляюць спробы нелегальнага перасячэння мяжы, але збольшага ў літоўскім кірунку. Калі казаць пра грамадзян Сірыі, то спробы іх праз Беларусь трапіць у Еўропу пакуль адзінкавыя – кажа Аляксандр Цішчанка:
– Выпадкі пакуль адзінкавыя – некалькі фактаў было ўсяго, але з улікам таго, што „накрываюцца” балканскія маршруты, цалкам можна разлічваць на тое, што менавіта чарнаморскі кірунак можа стаць крыніцай гэтай праблемы. У дадзеным выпадку і ў ЕЗ гэты выпадак прагназуюць, з пункту гледжання таго, што чарнаморскі кірунак можа стаць новы фактарам у эміграцыйным крызісе.
На гэты момант няма інфармацыі пра тое, што ў выніку тэрактаў у Бруселі пацярпелі грамадзяне Беларусі. Ахвярамі трагедыі сталі 34 чалавекі, каля двухсот – параненыя. Беларускі МЗС заклікае грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў бельгійскай сталіцы, пазбягаць грамадскіх месцаў, і не карыстацца грамадскім транспартам.
Беларускае Радыё Рацыя