На МТЗ канфлікт з незалежным прафсаюзам



Адміністрацыя Менскага трактарнага завода па-ранейшаму адмаўляецца ўступаць у дыялог з прафсаюзам РЭП. Са слоў работнікаў МТЗ, на нарадах кіраўніцтва прадпрыемства кажа, што абарона чальцоў незалежнага прафсаюза і стварэнне адпаведнай структуры – гэта не што іншае, як палітычная замова.

sl8

Кажа старшыня Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч:

– РЭП не ўваходзіць у федэрацыю прафсаюзаў, гэта незалежны прафсаюз. Тут, безумоўна, у іх адразу паўстае праблема не з тым, што трэба нешта рабіць на карысць людзям, а лепш сказаць, што гэта палітычны загад, і такім чынам адысці ад праблем. Палохаюць астатніх, што, бачыце, гэта палітычны заказ і вы не  ўваходзьце ў гэты прафсаюз, бо гэта палітыка. А, як яны кажуць, палітыка на прадпрыемстве забаронена.

Суполка прафсаюза РЭП на МТЗ была створана ў лютым бягучага году. Яе чальцы звярнуліся да гендырэктара прадпрыемства з просьбай перавесці іх са здзельна-прэміяльнай аплаты працы на аклад і такім чынам падвысіць заробак. Пасля гэтага кіраўніцтва даслала ў цэх камісію, якая прыйшла да высновы, што прадукцыйнасць працы маляроў знізілася. Таму кіраўніцтва вырашыла паменшыць колькасць работнікаў, каб такім чынам падвысіць прадукцыйнасць працы і – адпаведна – заробкі. На думку Генадзя Фядыніча, трэба выконваць тэхналагічную дысцыпліну і плаціць нармальны заробак рабочым – тады ўсе „палітычныя замовы” знікнуць самі сабой.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mtz-elaz.ru