На мяжы пад днішчам рэйсавага аўтобуса знайшлі труп мужчыны
У пункце пропуску «Макраны» падчас праходжання надгляду рэйсавага аўтобуса Берасце – Ковель пад днішчам ля задняга кола знайшлі цела мужчыны. Пра гэта паведамляе партал „Віртуальны Брэст».
Інцыдэнт адбыўся ўначы 18 траўня. Па словах начальніка Маларыцкага РАСК Аляксея Арлова, на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Па факце выяўлення цела 40-гадовага мужчыны праводзіцца праверка.
Па папярэдніх дадзеных, наезд на мужчыну адбыўся 18 траўня, каля 03.00, на вуліцы Берасцейскай (за пяцьсот метраў ад пагранпераходу). Са слоў кіроўцы, ён убачыў, што на праезнай частцы знаходзіцца перашкода. Пры руху гэта перашкода аказалася паміж коламі.
Па расказах пасажыраў аўтобуса, яны не адчувалі ніякага ўдару. Але таксама адзначылі, што за кіламетр да мяжы кіроўца ажыццяўляў манеўр ўхілення ад перашкоды на дарозе.