На незалежнага дэпутата Білібуху шукалі негатыў



Пра добрыя ініцыятывы незалежнага дэпутата Першамайскага сельскага савету Валерыя Білібухі бярозаўская раённая газета “Маяк” не напісала. Хоць пасля інфармацыі на незалежных сайтах, як дэпутат выконвае перадвыбарчыя абяцанні, Білібуху наведаў карэспандэнт “Маяка” Генадзь Курыловіч.

Адбылася гадзінная размова, Курыловіч наведаў і выбаршчыкаў Білібухі. З таго часу прайшло два месяцы, а матэрыял так і нез’явіўся, кажа давераная асоба дэпутата на выбарах Анатоль Сахаруша:

– Я не магу зразумець, што яны хацелі даведацца: яны хацелі пісаць гэты артыкул ці яны шукалі які негатыў, што ў людзей хадзілі пыталі. Але пра гэтага чалавека ніхто нічога негатыўнага на тэрыторыі Першамайкага сельскага савету не можа сказаць. Гэты чалавек вельмі і вельмі сумленны.

Валер Білібуха актыўна падтрымліваў вяскоўцаў у час “свінога бунту” у Бярозаўскім раёне. Адразу пасля выбараў дамогся ад ўладаў рамонту дарогі ў аграгарадку Кабакі. Абраны старастай ў вёсцы Жычын. Ён дамогся рамонту агульнавясковай лазні і сам удзельнічаў у рамонце. Арганізаваў суботнік па прыборцы могілак, – распавёў Анатоль Сахаруша.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org