На Змітра Лупача заведзена чарговая адміністрацыйная справа



На незалежнага журналіста з Глыбокага зноў заведзеная чарговая адміністрацыйная справа за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.  На гэты раз яе распачалі шаркоўшчынскія міліцыянты. Яны нават самі прывезлі позву Змітру Лупачу ў Глыбокае, там склалі пратакол  і сказалі, што ўжо на наступны дзень адбудзецца суд у Шаркоўшчыне.  Але потым ператэлефанавалі  журналісту і паведамілі, што суд пераносіцца.

Паводле Змітра Лупача, першы раз яму патэлефанавалі з міліцыі, не прадставіўшыся, сказалі, што ён павінен да іх прыйсці на размову. Зміцер адказаў, каб дасылалі позву, але яны самі хутка прывезлі яе ў Глыбокае.

– Аказалася, што гэта даўняя справа, пра якую я ўжо пасьпеў забыцца. Перад Новым годам здымаў сюжэт пра тое, што Шаркоўшчынскі раён ізноў патрапіў на самае апошняе месца па заробках. Наколькі я ведаю, сыходзяць тэрміны  адміністрацыйныя, таму яны вырашылі пасьпяшацца. Хутчэй за ўсё, паступіла каманда зверху. Ведаю, што апошнім часам судзяць калегаў: і Вольгу Чайчыц, і Кастуся Жукоўскага і іншых. Ціск працягваецца на гэты канал.

Паводле Змітра Лупача, міліцыянты хацелі, каб ён падпісаў паперу, што згодны на суд без яго прысутнасці. Але, як зазначае журналіст, калі падпісваеш такую паперу, то аўтаматычна прызнаеш сваю віну. Канешне ж, ён адмовіўся. Тады міліцыянты сказалі, што  калі адбудзецца суд, яму паведамяць пазней, даслаўшы позву.

Сёлета гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа, заведзеная на журналіста па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя