На незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну складзены пратакол



Складзены адміністрацыйны пратакол на журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну з Бярозы. Яна абвінавачваецца ў працы на замежнае СМІ – Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі.

Тамара Шчапёткіна

У прыватнасці, прысутнічала на судовым пасяджэнні па іску былога міліцыянта Кобрынскага РАУС, цяперашняга юрыста “Гарадзец-Агра” Анатоля Джыгі да даяркі гэтай гаспадаркі Вольгі Сышчаніцы. Пратакол складзены ўчастковым інспектарам Кобрынскага РАУС маёрам міліцыі Юрыем Свідуновічам, кажа Тамара Шчапёткіна:

– Я была выклікана ў Кобрынскі РАУС, дзе мне паведамілі, што супраць мяне рыхтуецца адміністрацыйная справа. Склалі пратакол за працу на замежнае СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Я не згодна з пратаколам, паколькі лічу, што гэты артыкул закона „Аб сродках масавай інфармацыі” не тычыцца журналістаў, а тычыцца выданняў.

Тамара Шчапёткіна неаднаразова была пакарана паводле артыкулу 22.9 ч. 2. – незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі. Толькі за перадапошнія 2 гады агульны яе штраф па гэтаму артыкулу 12 мільёнаў рублёў. Яна лічыць гэта палітычным пераследам за яе працу па тэматыцы парушэння правоў людзей органамі ўлады.

Справа будзе разглядацца ў Бярозаўскім судзе.

Беларускае Радыё Рацыя