На Нобелеўскую прэмію міру вылучылі 376 кандыдатаў
На Нобелеўскую прэмію міру 2016 будуць прэтэндаваць 376 кандыдатаў — амаль на 100 больш за ўстаноўлены ў 2014 годзе рэкорд у 278 намінантаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным Нарвежскім нобелеўскім інстытутам. Сёлета на прэмію вылучаныя 228 чалавек і 148 арганізацый, прытым што ў апошнія гады колькасць арганізацый-намінантаў, як правіла, не перавышала 50.
Працэс выбару лаўрэата зойме сем месяцаў. Яго імя стане вядома толькі ў кастрычніку. Згодна з існуючай традыцыяй, поўны спіс намінантаў не абвяшчаецца. Толькі па заканчэнні 50-гадовага тэрміну пасля прысуджэння ўзнагарод Нобелеўскі фонд лічыць магчымым агучыць дакументы, якія ляглі ў аснову прынятага рашэння.
Тым не менш, кожны год звесткі аб вылучэнні тых ці іншых кандыдатаў непазбежна трапляюць у СМІ ад арганізацый або асоб, якія валодаюць правам намінавання. Сёлета сярод патэнцыйных лаўрэатаў, аб вылучэнні якіх стала вядома са СМІ, фігуруюць былы супрацоўнік спэцслужбаў ЗША Эдвард Сноўдэн, выкрывальнік сакрэтаў Пентагона Дэніэл Элсберг, папа Францішак і амерыканскі бізнэсмен Дональд Трамп, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта ЗША.
Спіс фаварытаў «нобелеўскай гонкі», які штогод складае дырэктар нарвежскага Інстытута даследавання праблем міру Крысціян Берг Харпвікен, пакуль што ўзначальвае Сноўдэн.
Сярод іншых прэтэндэнтаў на прэмію, якіх называе Харпвікен, міністр энергетыкі ЗША Эрнэст Моніс і кіраўнік Арганізацыі па атамнай энергіі Ірана Алі Акбар Салехі (здзелка па іранскай ядзернай праграме), прэзідэнт Калумбіі Хуан Мануэль Сантас і лідар Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі Цімалеон Хіменэс (чакаецца пагадненне аб спыненні ўнутранага канфлікту ў краіне), генпракурор Гватэмалы Тэльма Альдана, кіраўнік Міжнароднай камісіі па барацьбе з беззаконнем у Гватэмале Іван Веласкес і праваабаронца Аўра Элена Фарфан (дзейны ўдзел у палітычнай трансфармацыі краіны), а таксама лаўрэат прэміі Сахарава лекар з Дэмакратычнай рэспублікі Конга Дэні Муквеге (аказанне дапамогі ахвярам групавых згвалтаванняў у ДРК).
Прэмія міру, якую часта называюць самай прэстыжнай з узнагародаў, якія носяць імя Альфрэда Нобеля, у адпаведнасці з завяшчаннем выбітнага шведскага навукоўца, прысуджаецца «асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў, альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзеючых войскаў, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі». Зрэшты, у апошнія гады фармулёўка больш чым векавой даўнасці тлумачыцца камітэтам досыць шырока.
У 2015 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджаная туніскаму «квартэту» нацыянальнага дыялогу — чатыром арганізацыям, якія спрыялі вырашэнню вострага палітычнага крызісу ў краіне пасля «язмінавай рэвалюцыі» 2011 года. Памер грашовага складніку кожнай з прэмій у 2015-м, як і ў папярэднія два гады, быў роўны 8 млн шведскіх крон ($930 тысяч па бягучым курсе).