На нядзельных акцыях пратэсту затрымана каля 10 чалавек



Не менш як дзевяць чалавек затрымана падчас нядзельных акцый пратэсту, вынікае з дадзеных валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”.

У табліцы чатыры жанчыны і чатыры мужчыны, прозвішча яшчэ аднаго затрыманага не дазваляе вызначыць яго пол (імя не названае).

Не менш як чатыры чалавекі дастаўлена ва УУС Заводскага раёна Менска, не менш як тры — ва УУС Фрунзенскага раёна, лес двух невядомы. З Заводскага РУУС трох чалавек перавезлі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна, дзе яны будуць знаходзіцца да суда.

У папярэднюю пратэстную нядзелю, 27 снежня, было затрымана не менш як 23 чалавекі, тыднем раней — каля 150, двума тыднямі раней — каля 300.

3 студзеня, як і ў папярэднюю нядзелю, улады не абмяжоўвалі працу метрапалітэна і мабільнага інтэрнэту. Упершыню не было відэасведчанняў аб масавым уводзе тэхнікі сілавікоў.

Сёмую нядзелю запар акцыі пратэсту праходзілі ў выглядзе лакальных маршаў і ланцугоў салідарнасці ў сталіцы і рэгіёнах. Яны пачаліся да світання і завяршыліся пасля наступлення цемры.

Паводле падлікаў БелаПАН, у найбольш папулярных тэлеграм-каналах размешчаны відэасправаздачы аб 29 лакальных акцыях у Мінску з агульнай колькасцю ўдзельнікаў, якія трапілі ў кадр, 1.015.

3 студзеня стала 148-м днём пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і пераследу іншадумцаў.

belapan.by