На нядзельных акцыях пратэсту затрыманыя не менш як тры чалавекі
Не менш як тры чалавекі, двое мужчын і жанчына, затрыманыя на нядзельных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, пераследу іншадумцаў і ў падтрымку блогера Ігара Лосіка, які 41 дзень галадае ў зняволенні, паведаміў валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых”.
Акцыі прайшлі дэцэнтралізавана ў розны час у Менску і рэгіёнах, вынікае з фатаграфій і відэазапісаў, размешчаных у тэлеграм-каналах. Самым масавым было вечаровае шэсце ў сталічным мікрараёне Паўднёвы Захад (у кадр патрапіла каля 100 чалавек).
Напярэдадні было затрымана больш за 150 удзельнікаў пратэстаў. Суботнія затрыманні сталі самымі масавымі пасля 20 снежня мінулага года. Упершыню за апошнія некалькі тыдняў была заўважаная тэхніка сілавікоў, што заязджала ў цэнтр Менска. Гэта магло быць звязана з тым, што ў першы раз пасля 6 снежня ў тэлеграм-каналах быў прапанаваны адзіны час выхаду на вуліцы (для стварэння ланцугоў салідарнасці). Варта таксама адзначыць, што аднаразовы збор быў ініцыяваны ў суботу, а не ў нядзелю.
24 студзеня стала 169-м днём бесперапынных пратэстаў.