На падыходзе трэцяя група абвінавачаных па „пінскай справе”
Інфармацыі пра трэцюю групу фігурантаў гучнай “пінскай справе” ўсё большае, але сваякі арыштаваных не спяшаюцца звяртацца па дапамогу да адвакатаў і праваабаронцаў. Вядома, што каля дзесяці пінчукоў з трэцяй групы ўжо знаходзяцца пад вартай, некаторых яшчэ выклікаюць на допыты.
“Людзі запалоханыя і спрабуюць без увагі грамадскасці неяк выправіць сітуацыю, але гэта шкодная паслуга для затрыманых”, – адзначае грамадская дзяячка Вераніка Іванова:
– Ёсць два спосабы паводзінаў у судзе: адзін з спосабаў – максімальна адмовіцца ад агалоскі, максімальна адмовіцца ад адвакацкай дапамогі, ад супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, журналістамі, праваабаронцамі. Людзі мяркуюць, што займаючы такую пазіцыю, іх памілуюць. Або прысудзяць больш мяккае пакаранне. Гэта, насамрэч, не выклікае ніякай спагады. Як правіла, тэрміны выносяцца яшчэ больш жорсткія.
На сённяшні дзень па “пінскай справе” ўжо асуджана 24 жыхары Пінска на тэрміны ад 4 да 6,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.
Беларускае Радыё Рацыя