На Палессі да лістапада звярам раты пазакрывала
Зноў у разгары земляробчы сезон. Руплівы селянін укінуў у глебу бульбу, гуркі, памідоры ды іншую гародніну. Цяпер з надзеяй чакае на ўрадлівы ўраджай, а нехта з самых прадпрымальных ужо першы прыбытак атрымоўвае з гандлюю гароднінай. Як не спадзявайся на дапамогу нябесных сілаў, але калі сам не патурбуешся, то ўсё згарыць на сонейку, пойдзе пустазеллем, а то і дзікія зверы пачастуюцца.
З апошняй з’явай усё часцей пачалі сутыкацца на Палессі. То дзікі ўлезуць у агарод, то бабры пагаспадараць ды і ваўкі з лісамі далёка не дзіва. Канечне, зараз шмат розных сродкаў, каб адбіць жаданне ў няпрошаных гасцей, а вось якое стагоддзе таму, ўсё было складаней.
Нарыхтоўка аеру ў балоце каля вёскі Пінкавічы. 1934 год, Луіза Арнер Бойд
Калі верыць адмысловым сельскагаспадарчым календарам ХІХ стагоддзя, то гаворыцца, што паляшук чакаў вясенняга Юрыя. Да 1918 года свята прыпадала на 23 красавіка, а цяпер 6 траўня. Вясенні Юрый для жыхароў Палесся быў нібы апошняй прыступкай, каб кінуцца ў актыўную працу на зямлі. Лічылі, што ад гэтага дня і па 26 лістапада – восеньскі Юрый – ва ўсіх звяроў раты пазакрываліся. Драпежнік не нападзе, ну як мінімум паменшацца нападкі на хатнюю жывёлу ды не будзе замінаць працы ў полі.
Галоўны вораг для палешука – воўк. Ва ўяўленні жыхароў “краіны багны”, гэта ня проста небяспечны дзікі звер, а д’ябальскі лакей. Верылі мясцовыя, што кожны чорт мае свайго ваўка і менавіта нечысць у абліччы шэрага робіць шкоду для людзей.
Стог саломы ў Пінкавічах, на версе невялічкі крыж – абярэг. 1934 год, Луіза Арнер Бойд
Больш палешукі спадзяваліся на Бога, але абараняліся з дапамогаю розных рытуалаў, якія цяжка аднесці да хрысціянскіх. Калі пасля зімы ўпершы раз пачыналі працу ў полі, то бралі з сабою грамнічную свечку, (свечка асвечаная 2 лютага на Грамніцы), благавешчанскую прасфору і булку хлеба, выпечаную на крыжапаклонным тыдні з крыжам наверсе. Пералічанае клалі на ніву, а ўвечары сям’я з’ядала прасфору і булачку.
Усё гэта рабілі пры закладцы ўраджаю, а пасля трэба было абараняць. Раніцай на Купалле жанчыны рвалі крапіву, якую вешалі на дзвярах у хлявах. Так адганялі яшчэ адную нечысць – русалак. Русалкамі называлі самагубцаў, якія заўсёды ходзяць голымі, з доўгімі валасамі, гайдаюцца на дрэвах, гуляюць ў жыце. Па павер’і, яны ні аднаго хлеба ня любяць у полі, акрамя жыта, дзе катаюць яйкі ў Наўскі Вялікдзень. Лякаюць быдла (у кароў знікала малако), знішчаюць ураджай, топчуць агарод. Адным словам – суцэльны голад чакаў палешука, калі не супрацьстаяць русалцы.
Амерыканец Пэрсі Кэмеран, асабісты кіроўца Луізы Арнер Бойд, сярод палескіх палёў. 1934 год
Абрады-абрадамі, а штодня палешукі спявалі песні, наракаючы на цяжкую долю, ўсхваляючы прыроду, просячы Бога даць здароўя і моцы, каб выгадаваць і сабраць добры ўраджай. Пра тое і маліліся.
Можа камусьці падасца ўсё дзікунствам, але збіралі ж ўраджай ды і не малы, а галоўнае, без “хіміі”, якая зараз ў кожным агародзе. І тое, не заўжды ў наш час гаспадары даюць рады спрабуючы выратаваць ад нейкай хваробы тую бульбу ці гурка… Як не круці, але сувязь, адзінства з прыродаю карысная рэч, так і жылі стагоддзямі на Палессі.
Беларускае Радыё Рацыя