На Палессі забаранілі наведваць лясы — там былі лагеры расейскіх вайскоўцаў
Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведванне лясоў на поўдні Гомельскай вобласці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лагеры расейскіх вайскоўцаў – піша svaboda.org.
Мясцовы жыхар распавёў журналістам, што цяпер шмат вайскоўцаў у Нароўлі, але без апазнавальных знакаў. У лясах Нараўлянскага раёна “жахлівая сітуацыя”, кажа ён: выпаленая зямля ў месцах, дзе стаялі ракетныя ўстаноўкі. “І яны, расейцы, пакідалі ўсё пасля сябе. Кацялкі, каскі, пральныя парашкі — мяхамі. Не зразумела, чаму, але яны закопвалі тушонку, а часам закідалі галінкамі”, – кажа жыхар. Пакідалі і скрынкі ад зброі, боепрыпасаў. Знаходзілі людзі і патроны, і снарады для сістэмы “Град”. Было шмат чаго замініравана, а беларускія сапёры цяпер абясшкоджваюць тыя мясціны. Паставілі пасты і штучныя перашкоды для транспарту.
Фота: svaboda.org