На палітуцекача Іллю Міронава маглі завесці новую крымінальную справу



Пра гэта ў сацсетках паведаміла яго маці Валянціна Міронава. Да яе прыходзілі сілавікі, яе выклікалі ў РАУС, а цяпер чакаюць у Следчым камітэце. Са слоў Валянціны следчыя выклікаюць яе ў якасці сведкі.

«На Іллю завялі новую крымінальную справу. Не бяруся публікаваць артыкулы, паколькі дакладнай інфармацыяй не валодаю», – піша маці Іллі Міронава.

Нагадаем, актывіста з Гомеля Іллю Міронава летась судзілі за каментары паводле «справы Зэльцэра», прысудзілі паўтары годы калоніі. Але паколькі да таго моманту ён больш за год правёў у СІЗА, яго вызвалілі адразу пасля абвяшчэння прысуду. У гэтым годзе яго неаднаразова затрымлівалі і адпраўлялі на суткі. Пасля чарговага арышту Міронаў з’ехаў з Беларусі. Ён вядомы тым, што напісаў тысячы лістоў беларускім палітвязням. Таксама ён пісаў скаргі на прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Рыгора Азаронка.