На палітвязняў-пінчукоў ціснуць у зняволенні
Адміністрацыі калоніяў не спыняюць спробы праз ціск уплываць на палітвязняў, пра гэта праз лісты на волю даюць зразумець пінчукі, асуджаныя па гучнай „Пінскай справе”.

Пад асаблівай увагай тыя, хто адмаўляецца прызнаваць сваю віну і пісаць прашэнні на памілаванне. Праваабаронца Алесь Рамановіч распавёў, як звычайна ціснуць на палітвязняў:
– У лістах пішуць калі там, напрыклад, у ШІЗА патрапляюць, то пішуць у лістах, што яны былі пакараныя. Адтуль і даведваюся, менавіта ўжо ад сваякоў, якія атрымліваюць інфармацыю ад палітвязняў. Праблемы ёсць, мне расказвалі пра такія меры, што пазбаўляюць рэжымнай перадачы, якая там раз у квартал па 50 кілаграм. Ужо былі выпадкі, што пазбаўлялі спаткання.
У лютым пінчука-палітвязня Ігара Салаўя перавялі на два гады з калоніі ў турму, паводле адміністрацыі Бабруйскай калоніі ён рэгулярна парушаў дысцыпліну. Цяпер аналагічная сітуацыя яшчэ ў аднаго пінчука Алега Рубца, суд над ім павінен адбыцца ў Наваполацкай калоніі, дзе ён адбывае пакаранне.
Беларускае Радыё Рацыя
