У Беларусі выяўлена нетыповае пахаванне крывічоў
Нетыповае пахаванне крывічоў выяўлена на паўночным захадзе Беларусі. Археолагі даследуюць адзін з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе некропаляў крывічоў.
Такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканала АНТ.
Пад Мядзелам былі выкрытыя курганы X-XI стагоддзяў. Там было выяўлена пахаванне з раней невядомым навуцы пахавальным абрадам продкаў сучасных беларусаў.
Загадчык кафедры Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута ім. А. Д. Сахарава археолаг Мікалай Плавінскі, які вядзе раскопкі, адзначае: «Пахаванні былі здзейснены прама на старажытнай дзернавой паверхні ў нейкай канструкцыі. Магчыма, гэта былі драўляныя канструкцыі, ці берасцяныя. І гэта, фактычна, упершыню ў Беларусі такая знаходка».
З 2004 года кандыдат гістарычных навук займаецца вывучэннем курганоў паўночнага захаду Беларусі. Для славян гэтага рэгіёну характэрны абрад крэмацыі. І зараз сярод масавых знаходак – абпаленыя фрагменты костак. Сярод рэдкіх – дзіцячы бранзалет са змяінай галавой.
У радыусе кіламетра не менш за 120 магіл продкаў. Дзве групы помнікаў ахоўваюцца дзяржавай у нацыянальным спісе каштоўнасцяў. За месяц студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ і валанцёрамі, абследаваны чатыры аб’екты агульнай плошчай 460 квадратных метраў.