На пажары ў Лынтупах загінуў супрацоўнік МНС
На пажары ў Лынтупах (Віцебская вобласць) 3 жніўня загінуў супрацоўнік МНС.
„Уначы з-за раптоўнага абвалу дома, які гарэў, у г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна атрымаў несумяшчальныя з жыццём траўмы ратавальнік Герман Макоўскі (служыў з 1996 года). Міністэрства выказвае спачуванні родным і блізкім, ім аказваецца ўся магчымая дапамога”, — паведаміла ведамства на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
Телеграм-канал Следчага камітэта прыводзіць падрабязнасці. Паводле дадзеных следства, ноччу 3 жніўня ад мясцовых жыхароў паступіла паведамленне, што гарыць закінуты будынак па завулку Красельнікава. На месца ўзгарання прыбыў пажарны разлік Лынтупскага РАНС. Падчас тушэння пажару на 45-гадовага камандзіра аддзялення абрынуліся сцяна і дах будынка. Яго калега разам з мясцовымі жыхарамі дастаў мужчыну з-пад завалу, аднак ён ужо быў без прыкмет жыцця.
Падчас агляду ўстаноўлена, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адным з памяшканняў будынка. Прычына ўзгарання высвятляецца. Узятыя сляды пажарнага смецця, прызначаныя пажарна-тэхнічная і судова-медыцынская экспертызы.
Праверку праводзіць следчае ўпраўленне УСК па Віцебскай вобласці.
Пра гібель пажарнага першым паведаміў телеграм-канал Nexta. У скрын-шоце дэпешы пазначанае званне загінулага (старшы прапаршчык унутранай службы).