На пажары ў Нараўлянскім раёне загінулі тры чалавекі
На пажары ў жылым доме ў вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёна 12 лютага загінулі тры чалавекі.
Паведамленне пра пажар паступіла ў экстранныя службы прыблізна а 9-й гадзіне. Як паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленні МНС, ратавальнікі, якія прыбылі праз шэсць хвілін да месца выкліку, выявілі моцнае задымленне ўнутры драўлянага дома. Пры правядзенні разведкі звяном газадымаахоўнай службы ў доме былі знойдзеныя без прыкмет жыцця целы трох чалавек: 61-гадовай гаспадыні дома, яе 56-гадовага сужыцеля і 60-гадовага мужчыны, які знаходзіўся ў іх у гасцях.
Агнём знішчаныя пасцельныя рэчы, пашкоджаная падлога ў жылым пакоі.
Прычына пажару высвятляецца. Адна з версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Для высвятлення ўсіх абставін на месцы працуе следча-аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў міліцыі, Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
Таксама 12 лютага, як мяркуюць, з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў вёсцы Акцяброва Кармянскага раёна загінуў 28-гадовы мясцовы жыхар.