На перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні будуць надпісы па–беларуску



Прадстаўнікі кампаніі #Kalinouski2019 атрымалі афіцыйны адказ за подпісам віцэ-міністаркі культуры Літоўскай Рэспублікі  Гінтаўце Жэмайцітэ.

Фота 15min.lt

У адказе гаворыцца, што “Урад Літоўскай Рэспублікі, згодна рэкамендацый Літоўскага інстытута гісторыі прыняў пастанову, згодна якой парэшткі ўсіх паўстанцаў 1863 – 1864 гадоў, якія былі знойдзены на гары Гедыміна, будуць перапахаваныя на могілках “Росы” ў Цэнтральнай капліцы. Прозвішчы загінулых паўстанцаў будуць напісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах”. 

Сергей Верамеенка, прадстаўнік БХД, што збіраў ў Гародні подпісы за беларускую мову на магілах паўстанцаў, вельмі рады такому адказу:

– Абсалютна задаволены адказам. Вельмі прыемна мець дачыненні з дэмакратычнай дзяржавай без усялякага зацягвання тэрмінаў. Вельмі ясны, адкрыты адказ, у якім пазначана канкрэтная спасылка, якой пастановай урада было прынятае рашэнне пра тое, што будуць помнікі падпісаныя ў тым ліку і на беларускай мове. Было напісана, што ў гэтым удзельнічаў непасрэдна Інстытут памяці гістарычнай Літоўскай Рэспублікі. Мы задаволеныя. Дзякуй вялікі Літве. Дзякуй вялікі Беларусі. Жыве Беларусь! Жыве Літва!

Кампанія #Kalinouski2019,  у якую ўваходзяць маладыя гісторыкі і краязнаўцы, грамадскія дзеячы і палітыкі ставіць на мэце пашырэнне інфармацыі пра паўстанне Каліноўскага, а таксама адной з фінішных кропак кампаніі з’яўляецца паездзка ў Вільню ў лістападзе 2019 года на перапахаванне парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага і магчымага кіраўніка паўстання.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня