На першым энергаблоку БелАЭС завяршыліся выпрабаванні гермаабалонкі
На першым энергаблоку Беларускай АЭС завяршыліся выпрабаванні герметычнай абалонкі будынка рэактара (гермаабалонкі) на шчыльнасць і трываласць, паведамілі ў кампаніі АБЭ, якая з’яўляецца генпраекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва БелАЭС.
Выпрабаванні гермаабалонкі блока на гатоўнасць вытрымліваць залішні ціск праводзіліся ў час шырокамаштабных перадпускавых работ. На працягу васьмі сутак герметычнасць абалонкі правяралася спачатку стварэннем папярэдняга разраджэння пры дапамозе выцяжной сістэмы вентыляцыі, а потым і стварэннем залішняга ціску (4,6 кгс/кв.см) пры дапамозе звышмагутнага кампрэсара. На працягу ўсяго працэсу праводзіўся маніторынг напружана-дэфармаванага стану ахоўнай абалонкі.
Сістэма герметычнай абалонкі – лакалізуючая сістэма бяспекі, якая складаецца з унутранай і вонкавай ахоўных абалонак. Пры эксплуатацыі падвойная ахоўная абалонка выключае выхад радыеактыўнасці ў навакольнае асяроддзе і служыць фізічнай аховай рэактарнага аддзялення ад знешніх уздзеянняў. Выпрабаванні паказалі, што сістэма герметычнай абалонкі рэактара першага энергаблока гатова да эксплуатацыі.
Паводле слоў віцэ-прэзідэнта, дырэктара праекта па ўзвядзенні Беларускай АЭС АТ ІК «АБЭ» Віталя Паляніна, узвядзенне першага энергаблока БелАЭС выходзіць на фінішную прамую. У бліжэйшыя дні пачнецца гарачая абкатка, а пасля яе заканчэння згодна з планам падрыхтоўкі энергаблока да фізічнага пуску – рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энергаблока.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расейскім праекце паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць). Генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС – інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам» (АБЭ).