На пешаходнай Савецкай у Берасці з’явіліся знакі пра забарону руху ровараў



Пра гэта паведамляюць жыхары гораду і пацвярджае старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук.

Ён дадае што гэты крок зроблены ў сувязі з адпаведнымі зваротамі грамадзян. На забарону адрэагавала інфармацыйна-асветніцкая ўстанова „За вела Брэст”. Кажа каардынатар праграм згаданай установы Валерыя Таргонская:

– Калі штосьці забараняць, то трэба тады прадставіць альтэрнатыўны варыянт для ровараў і самакатаў. Напрыклад, зрабіць якасную, бяспечную роварную сцежку па паралельнай вуліцы. На дадзены момант ёсць роварная сцежка, але там небяспечна ехаць і яна не па ўсёй лініі вуліцы знаходзіцца. Па-другое, на Савецкай шмат клумбаў, якія займаюць больш за палову шырыні ўсёй вуліцы. Адпаведна мала месца нават для пешаходаў, што прыводзіць да канфліктаў. Па-трэцяе, на Савецкай высокая канцэнтрацыя людзей, таму наша арганізацыя ўжо даўно прапаноўвае зрабіць пешаходнай вуліцу Пушкінскую. 

„Гэтую вуліцу зрабіць трэба пешаходнай ад Карла Маркса да Карбышава, што будзе спрыяць разгрузцы Савецкай і дасць больш прасторы як для пешаходаў так і для аб’ектаў гандлю”, – падсумавала Валерыя Таргонская.

Беларускае Радыё Рацыя