На Піншчыне абмяркоўваюць, як адзначыць 150-годдзе Рамана Скірмунта



На Піншчыне краязнаўцы і прадстаўнікі грамадскасці выказваюцца за годнае ўшанаванне памяці прэм’ер-міністра БНР, буйнога палітычнага і прамысловага дзеяча Рамана Скірмунта, 150-годдзе якога адзначаецца сёлета.

На думку пінскага сябра Партыі БНФ і “Руху За Свабоду” Алеся Рамановіча, варта абвяшчаць грамадскую кампанію, каб кансалідаваць высілкі:

– Патрэбна ініцыятыву праяўляць. І каб гэта была ініцыятыва не аднаго, пяці чалавек, але каб усё ішло праз групу людзей. Неяк інфармаваць насельніцтва. Збіраць нейкія подпісы. Магчыма было б няблага нейкую вуліцу назваць у імя Скірмунта. Помнік усталяваць.

Раман Скірмунт нарадзіўся на Піншчыне ў вёсцы Парэчча, дзе і пахаваны пасля расстрэлу ў кастрычніку 1939 года. Скірмунт стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, а таксама зрабіў вялікі ўнёсак у гаспадарчае і прамысловае развіццё Пінскага краю. 

Беларускае Радыё Рацыя