На Піншчыне абрабавалі царкву



З царквы ў вёсцы Мясяцічы скралі пяць старажытных абразоў. Гэта ўжо другі выпадак рабаўніцтва.

У 2014 годзе з царквы скралі іконы, два Евангеллі, кубак для прычашчэння. Праз два гады праваахоўнікі знайшлі злачынцу – жыхар Пінска збыў царкоўныя рэчы ў Расею, але ўсё адшукалі і вярнулі ў храм.

Пінчуку суд прысудзіў  восем год зняволення. Па словах кіраўнічкі царкоўнага хору Веры Палхоўскай, – тады ў вёску нават прыяжджала ягоная жонка:

– Знайшлі, вярнулі ўсе іконы. З Расеі вярнулі. Грошы збіралі людзі, і бацюшка ездзіў. Прыязджала жонка, два разы прыязджала, але ёй ніхто нічога не казаў, і яна. Бацюшку два словы сказала і ўсё. Як прывезлі гэтыя іконы, то малебен служылі.

Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў Мясяцічах пабудавана ў 1794 годзе. У ёй акрамя шэрагу старажытных ікон захоўваецца цудадзейная святыня – абраз Мясяціцкай Божай Маці. У 1893 годзе на хвалях Прыпяці святыню заўважыў матрос Іван Шпакоўскі і прывёз яе ў родную вёску.

„Беларускае Радыё Рацыя” раней падрабязана распавядала пра ўнікальнае свята “Дзясятуха” ў Мясяцічах (Цуд на Палессі. Дзясятуха) і цікавы лёс мясцовага святара (Няпросты крыж протаірэя Іаана).

Беларускае Радыё Рацыя