На Піншчыне адбылося 109 пажараў, у якіх загінулі 7 чалавек



Грамадзяне грэбуюць правіламі пажарнай бяспекі, такую выснову зрабілі пінскія выратавальнікі пасля прафілактычных рэйдаў. За 9 месяцаў бягучага году толькі на Піншчыне адбылося 109 пажараў, у якіх загінулі 7 чалавек.

Калі ў сельскай мясцовасці, галоўны чыннік крыецца ў кепскім стане пячнога ацяплення, то ў горадзе ў кепскім стане электраправодкі, адзначыў старшы інспектар пінскага аддзялення МНС Аляксей Багдановіч:

– Электрапрыборы з’яўляюцца асноўнай прычынай пажараў – у адну электрычную разетку ўключаецца па некалькі электрычных прыбораў. Наступаюць халады, людзі пачынаюць ацяпляць дамы абагравальнікамі, самадзейнымі абагравальнікамі, абцяжарваюць электрычныя сеткі, у сувязі з чым адбываюцца кароткія замыканні.

З надыходам халоднага надвор’я прафілактычныя рэйды будуць узмоцненыя ўпершую чаргу па адрасам, якія трапілі на ўлік і дзе жывуць недабранадзейныя грамадзяне. Калі папярэджанні не ўздзейнічаюць, выратавальнікі пяройдуць да штрафаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя