На Піншчыне адначылі 148-годдзе Рамана Скірмунта



На Піншчыне з нагоды 148-ай гадавіны з дня нараджэння ўшанавалі памяць выбітнага палітычнага дзеяча, прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта. Пінскія краязнаўцы лічаць мэтазгодным утварэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і святкаванні 150-годдзя Скірмунта. За два гады магчыма вырашыць пытанне па ўсталяванні годнага помніка на магіле палітыка ў вёсцы Парэчча, стварыць дакументальную стужку ды заснаваць віртуальны музей. Краязнаўца Эдуард Злобін таксама дадае, што трэба клапаціцца і па рэштках матэрыяльнай спадчыны Скірмунта, а гэта парк і сельска-гаспадрчыя пабудовы ў Парэччы:

– Фабрыкі Скірмунта па сваіх памерах і развіццю былі буйнейшыя ў Менскай губерніі. Гэта заўважалі ўсе даследчыкі, што такой развітай прамысловасці ва ўсёй Менскай губерніі не было. На сённяшні дзень захаваўся толькі адзін фабрычны корпус. Яшчэ нядаўна там быў крухмальны завод. Зараз нібыта ўладальнікі змяніліся, штосьці іншае там будуць вырабляць. Захаваўся парк з рэліктавымі, рэдкімі дрэвамі. Захавалася яго магіла.

Сімвалічна, што 150-годдзе Рамана Скірмунта супадае са 100-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пакуль ініцыятары аргкамітэта Рамана Скірмунта вядуць перамовы з фундатарамі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя