На Піншчыне памятаюць пра ахвяраў Халакоста
На календары – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. На Піншчыне гэты дзень мае асаблівае значэнне, бо ў 1941-42 гадах тут было забіта каля 26 тысяч жыхароў габрэйскага паходжання.
“Усе месцы, дзе нацысты чынілі расправу, абазначаныя памятнымі знакамі”, – кажа краязнаўца, адзін з аўтараў кнігі “Халакост на Піншчыне” Эдвард Злобін:
– У ваколіцах Пінска – гэта Добрая Воля, Пасінічы, Казліковічы і вуліца Пушкіна. Чатыры месцы. У самім горадзе ёсць памятны знак на магіле расстраляных у жніўні 1941 года ў Лагішыні. Калі ўскрылі магілы, яны былі перасыпаныя вапнаю, там, канешне, паасабова парэшткі немагчыма было падлічыць, але існавала формула вылічэння колькасці пахаваных у тых магілах.
Пінскае гета нацысты ліквідавалі ў лістападзе 1942 года. Карная аперацыя цягнулася пяць дзён, цудам ацалелі адзінкі з 17 тысяч вязняў гета.
Беларускае Радыё Рацыя