На Піншчыне праводзіцца масавая вакцынацыя супраць адзёру
На Піншчыне праводзіцца масавая вакцынацыя супраць адзёру дзяцей ва ўзросце адзін і шэсць год. Медыкі засцерагаюцца ўздыму гэтага небяспечнага вірусу на фоне пандэміі COVID-19. Многія бацькі адмаўляюцца ад прышчэпкі, не жадаючы ў сённяшняй сітуацыі наведваць установы аховы здароўя ды баяцца пабочных праяў.
Адзёр – гэта вельмі небяспечная хвароба, якая можа прывесці да смерці, – адзначае лекар-эпідэміёлаг Таццяна Кім:
– Адзёр пераносіцца даволі цяжка і пакідае пасля сябе цяжкія ўскладненні ў выглядзе пнеўманіі, якая можа прывесці да смерці, і ў выглядзе менінгіту, менінгаэнцэфаліту. І вось гэтыя паражэнні галаўнога мозгу, як правіла, незваротныя. То бок дзеці і дарослыя, калі захварэюць, становяцца інвалідамі. І чалавек губляе ўсе навыкі, якія раней набыў.
Два гады запар эпідэміі адзёру адбываліся ва Украіне, а таксама ў некаторых рэгіёнах Расеі. Часцей за ўсё гэты вірус завозіцца грамадзянамі ў Беларусь пасля адпачынку ў замежжы.
Беларускае Радыё Рацыя