На Піншчыне распавядаюць моладзі пра трагедыю Халакоста
Каб маладое пакаленне беларусаў не забыла жудасныя падзеі ХХ стагоддзя – Халакост і масавае знішчэнне нацыстамі народаў Еўропы, габрэйскае таварыства Пінска арганізоўвае для моладзі выезды на месцы расстрэлаў і гета.
Акрамя Піншчыны, дзе нацысты закатавалі каля 30 тысяч мірных жыхароў, удзельнікі “вулічных заняткаў гісторыі” наведалі мястэчка Целяханы, што ў Івацэвіцкім раёне.
“Галоўнае, каб нашыя нашчадкі не сталі ані ахварямі, ані катамі”, – кажа ўдзельнік акцый Аляксандр Райман.
– Пасярэдзіне мінулага стагоддзя чалавецтва перажыла каласальную трагедыю – трагедыю сусветнага маштабу. Назва гэтай трагедыі – Халакост. Гэта сістэмнае знішчэнне цэлых народаў. 60 працэнтаў габрэяў, якія жылі ў Еўропе, была знішчана. Памяць пра Халакост патрэбная і для таго, каб ніколі нашыя дзеці не сталі ахвярамі, катамі або абыякавымі назіральнікамі забойстваў.
З Целяханамі звязаны лёс Захара Зімкі, ўраджэнца Варшавы, які трапіў у мясцовае гета, але дзякуючы партызанам, разам з жонкаю пазбег смерці. Зімка пасля вайны стаў першым дырэктарам Целяханскай школы-інтэрнат.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота proza.ru