На Піншчыне ствараюць турыстычныя маршруты для інвалідаў
Людзі з абмежаванымі магчымасцямі хочуць карыстацца паслугамі айчыннага турызму. З гэтай прычыны на Піншчыне рэгіянальная асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў ажыццяўляе адмысловы праект. На жаль, пакуль большасць турыстычных аб’ектаў ды паслуг недасяжныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Старшыня рэгіянальнай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Алена Макарчук кажа, што на Піншчыне ўжо распрацавана 6 адмысловых маршрутаў:
– Мы распрацавалі ўжо шэсць маршрутаў па горадзе Пінску і Пінскаму раёну для наведвання іх інвалідамі, азнаёмілі ўладальнікаў аграсядзібаў з правіламі і нормамі стварэння безбар’ернага асяроддзя. Таксама ў нас былі трэнінгі з псіхолагам на тэму „Псіхалагічная ўстойлівасць”.
“Гэтыя пытанні мусяць вырашацца на заканадаўчым узроўні”, – мяркуе актывіст асацыяцыі Валерый Цімакін:
– У прынцыпе яна павінна рашацца на заканадаўчым узроўні, калі б гэта ўсё вырашалася па законе, то мы б проста гэтым карысталіся і праблем з гэтым не было. За кошт гэтага праекта аб’яднаць інтарэсы інвалідаў не толькі інвалідаў-вазочнікаў, але і іншых катэгорый інвалідаў ў горадзе Пінску і Пінскага раёна. Пра сябе здолелі заявіць, многія даведаліся пра нас, што мы цікавімся.
Ініцыятары спадзяюцца, што гэта толькі першыя крокі ў вырашэнні праблемы і ў хуткім часе беларускія інваліды змогуць карыстацца паслугамі айчыннага турыстынага бізнесу.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя