На Піншчыне ўшануюць памяць Рамана Скірмунта



У 102-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі на Піншчыне патрыятычная грамадскасць ушануе памяць аднаго з кіраўнікоў БНР. З ініцыятывы мясцовых актывістаў Руху «За Свабоду» адбудзецца выезд на магілу Рамана Скірмунта, які пахаваны ў вёсцы Парэчча на ўскрайку закладзенага ім парку.

Гэта шматгранная постаць, і мала хто ведае, што Скірмунт займаўся даследаваннем беларускай гісторыі, – кажа рэдактар часопіса «Гістарычная Брама» Аляксандр Ільін:

– Пісаў гістарычныя працы, збіраў этнаграфічныя матэрыялы. Шмат яшчэ чаго не захавалася, загінула з таго, над чым ён працаваў. Але галоўнае ў яго дзейнасці, што ён хацеў, як і ўсе Скірмунты, моладаўскія, парэчаўскія, каб тут была еўрапейская цывілізацыя. Не закінуты куток на ўскрайку Еўропы, а каб была развітай, паўнапраўнай часткай Еўропы.

У красавіку-траўні 1918 года Раман Скірмунт прадстаўляў інтарэсы БНР ва Украіне, між іншага ўдзельнічаў у перамовах па мяжы, а ў ліпені ўзначаліў урад рэспублікі.

Беларускае Радыё Рацыя