На Піншчыне ўзгадваюць ахвяр Халакосту
28 кастрычніка 1942 года па асабістаму загаду кіраўніка СС Генрыха Гімлера пачалася аперацыя па ліквідацыі Пінскага гета. Расстрэлы адбываліся напрацягу трох дзён. За гэты час нацысты забілі звыш 25 тысяч габрэяў.
“ Я ніколі не забуду пінскіх габрэяў і як іх забівалі”, – кажа 83-гадовая карэнная пінчанка Барбара Шыманская:
– Вельмі шмат было габрэеў. Элегантныя, прыгожыя, жанчыны з мужчынамі, прыгожыя. Была такая невялікая крамка на скрыжаванні Суворава і Першамайскай, уладальнікам крамы быў Меер, мы прыйдзем, яны адразу нам цукеркі, арэшкі, дадуць і запішуць у сшытак. Пасля бацька прыйдзе і разлічыцца. Памятаю, калі іх вялі на расстрэл, мама нас зачыніла ў пакоі, каб мы не чулі, як яны плачуць, але мы ўсё роўна гэта чулі.
У гэтыя дні Пінскае гарадское габрэйскае таварыства і прадстаўнікі грамадскасці наведваюць месцы масавых расстрэлаў ахвяр нацыстаў. Такіх трагічных мясцін на Піншчыне сем.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя