На Піншчыне ўзгадваюць ахвяр халакосту



У канцы кастрычніка 1942-га года нацысты пачалі ліквідацыю Пінскага гета. Па падліках гісторыкаў, было забіта ад 20 да 25 тысяч габрэяў. Нацысты знішчылі гета за тры дні. Аўтарка кнігі “Халакост на Піншчыне”, намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна кажа, што цудам ацалелыя вязні доўгі час пераказвалі адзін адному перажытае, каб захаваць памяць. Так рабілі ў сям’і Южукоў:

– Каб не забыць, мы сядзелі разам са сваёй жонкай, якая таксама ў дзяцінстве была вязнем гета ў мястэчку Рудня на Смаленшчыне. І, як ён казаў, калі выпадала вольная хвілінка, мы адзін аднаму пераказвалі, як гэта было. А той, хто маўчаў, не пераказваў, з года ў год, з дня ў дзень забываўся.

Ушанаванне памяці ахвяр Пінскага гета пачалося з часоў незалежнай Беларусі. Цяпер на месцы масавых растрэлаў усталяваныя помнікі. Айчынныя і замежныя гісторыкі працягваюць даследаванне габрэйскай трагедыі на Піншчыне.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск