На Піншчыне вядуцца рэйды па выяўленні п’яных
На Піншчыне павялічыліся акты вандалізму ў месцах адпачынку каля вадаёмаў. Як паведамляюць праваахоўнікі, пераважна грамадзяне нападпітку ламаюць формы малой архітэктуры, якія ўсталяваныя ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі.
Каб папярэдзіць правапарушэнні, цягам двух дзён ратавальнікі і міліцыянты ладзілі адмысловыя рэйды, падчас якіх выяўляліся асобы ў стане алкагольнага ап’янення.
«Ужыванне спіртных напояў на пляжы – гэта парушэнне грамадскага парадку», – адзначае ратавальнік Ігар Кавалёў:
– За гэтае парушэнне прадугледжана адказнасць артыкулам 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, то бок распіццё спіртных напояў на гарадскіх пляжах і каля іншых вадаёмаў. А таксама за з’яўленне на тэрыторыі ў п’яным выглядзе людзі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.
Па інфармацыі праваахоўнікаў, за два дні на Піншчыне папярэджанні за парушэнне правілаў бяспекі і паводзінаў каля вадаёмаў атрымалі звыш 30 чалавек, а тры асобы панеслі адміністрацыйную адказнасць.
Беларускае Радыё Рацыя