На Піншчыне запрацуюць 11 стацыянарных пунктаў перапісу
На Піншчыне стварылі 11 стацыянарных пунктаў, дзе жыхары могуць самі прайсці перапіс у кастрычніку. Непасрэдна ў Пінску – 7 участкаў, а ў Пінскім раёне – 4. Пункты будуць працаваць з 9-й гадзіны раніцы да 20-й. Аналагічныя ўчасткі з’явяцца па ўсёй краіне.
Сёлета ёсць тры варыянты, як магчыма прайсці перапіс, – адзначае супрацоўніца статыстычнага камітэта Наталля Быцкевіч:
– Першыя два тыдні ўсе рэспандэнты могуць перапісацца праз інтэрнэт. Два дні гэтая інфармацыя будзе апрацоўвацца. Або рэспандэнты змогуць перапісацца на стацыянарных участках па месце свайго жыхарства. І трэці этап – непасрэдна перапісчыкі ўжо пойдуць па хатах.
Перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе з 4-га па 30-е кастрычніка. Першыя вынікі абяцаюць агучыць ужо ў лютым 2020 года, а ўсе дадзеныя будуць апрацаваныя да 2021 года.
Беларускае Радыё Рацыя