На Піншчыне змагаюцца з алкагалізацыяй насельніцтва
У Пінску змагаюцца з алкагалізацыяй насельніцтва пры дапамозе дакументальных кінастужак і інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Грамадзян, якія з-за злоўжывання алкаголю трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў ды медыкаў, спрабуюць вярнуць да цвярозага жыцця канкрэтнымі прыкладамі. Акцыі ладзяцца ў наркалагічным дыспансеры.
На ўліку знаходзіцца звыш трох тысяч жыхароў рэгіёна, хворых хранічным алкагалізмам.
Лекар-нарколаг Валерый Купрэвіч адзначыў, што каб змагацца з гэтай з’явай, трэба разумець стан хворага:
– Жаданне выпіць можна параўнаць з адчуваннем смагі, з адчуваннем голаду. Вы калі-небудзь мелі адчуванне смагі? Спёка 33 градуса, хочацца піць, так і ў яго. Ён кіне ўсё, у 2 гадзіны начы, у 3 гадзіны начы пойдзе возьме, пойдзе знойдзе. У нас нарколагаў, псіхіятраў-нарколагаў няма такога тэрміна – вылечылі. Мы кажам пра рэмісію, стойкую ці не стойкую, а рэмісія ведаеце, што такое – светлы прамежак напрацягу якога ён не п’е.
Ініцыятыва належыць праваахоўнікам. Яны не чакаюць імгненных вынікаў ды будуць сістэматычна ладзіць такія мерапрыемствы, каб маральна не пакідаць хворых алкагалізмам.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, злоўжывае алкаголь каля мільёна беларусаў, з якіх звыш 270 тысяч знаходзяцца на ўліку.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя