На „Пінскдрэве” ізноў загінуў рабочы



На прадпрыемстве ЗАТ „Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў” загінуў рабочы.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, цела 37-гадовага рабочага без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці было знойдзенае 2 сакавіка прыблізна ў 7.50 у басейне на ўчастку тэрмічнай апрацоўкі сыравіны аднаго з філіялаў прадпрыемства. Загінулы працаваў на гэтым участку термаапрацоўшчыкам драўніны.

Праверку праводзіць Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Для ўстанаўлення прычыны смерці рабочага прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Канфіскаваная дакументацыя па ахове працы.

19 студзеня на гэтым жа прадпрыемстве быў смяротна траўмаваны рабочы. Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу „Медиа-Полесье”, у цэху па вытворчасці фанеры 38-гадовы рабочы заўважыў, што па канвееры крыва рухаецца бервяно. Ён вырашыў паправіць яго, не выключыўшы абсталяванне, і загінуў.

Фота pinskdrev.by