На „Пінскдрэве” Савет працоўных распаўсюджвае ўлёткі
Улёткі з заклікам зладзіць акцыю памяці 25 кастрычніка па загінулых на “Пінскдрэве” з’явіліся ў Пінску і ў цэхах самога прадпрыемства. Улёткі падпісаныя Саветам працоўных “Пінскдрэва”, які напачатку кастрычніка заявіў пра неабходнасць годна адзначыць 7-ю гадавіну трагедыі і ўшанаваць усіх ахвяр ды пацярпелых. Заклік адміністрацыя кампаніі праігнаравала.
Распаўсюд улётак з заклікам каля тэрыторыі прадпрыемства “Пінскдрэў” і ў завадскіх цэхах.
Калі ініцыятарам будуць замінаць у правядзенні акцыі альбо пачнецца ціск, актывісты Савета абяцаюць перайсці да больш радыкальных крокаў:
– Аматараў вылічыць і рэпрэсаваць рабочых мы адразу хочам папярэдзіць, што мы будзем размаўляць з вамі на той мове, якая да вас даходзіць лепш за ўсё. На мове рэгулярных і добра арганізаваных страйкаў. Мы не рабочая жывёла, як нас прывыклі лічыць усялякія дармаеды ў кабінетах. Мы – рабочыя. І мы прымусім сябе паважаць!
Пакуль па інфармацыі ініцыятараў, кіраўніцтва мэблевага прадпрыемства “Пінскдрэў” заняло пазіцыю ігнаравання, але ўсё будзе бачна непасрэдна 25 кастрычніка. Нагадаем, што ў гэты дзень, 7 год таму, на адным з заводаў “Пінскдрэва” адбыўся выбух па віне адміністрацыі. У выніку загінула 14 чалавек і дзясяткі атрымалі траўмы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота, дасланае актывістамі Савета